Лішні час не бывае вольным, а вольны — лішнім.

Мінская сталічная школа № 21 імя М.Ф. Гастэлы.

Успыхнуўшая пандэмія нечакана ўнесла карэктывы ў жыццё кожнага чалавека. Пераглядзелі погляды нават тыя, хто скептычна ставіцца да непажаданых сітуацый. Мы не можам існаваць па-за межамі грамадства, таму варта прытрымлівацца элементарных гігіенічных правілаў, каб не прычыніць шкоду ні сабе, ні людзям. Многа ўжо сказана пра мыццё рук, выкарыстанне антысептыкаў ды масак, часовае абмежаванне зносін з пажылымі родзічамі.

Установы адукацыі краіны таксама клапоцяцца пра настаўнікаў і вучняў, ствараючы неабходныя бяспечныя ўмовы для адукацыйнага працэсу. Так, план работы школьнага летніка на вясновых канікулах у мінскай сталічнай школе № 21 імя М.Ф. Гастэлы быў насычаны разнастайнымі прафілактычнымі мерапрыемствамі: пачынаючы, ад інфармацыйных гутарак наконт аптымальнай дыстанцыі з субяседнікам, заканчваючы майстар-класам па эфектыўным мыцці рук. Вучні 1-4 класаў — актывісты ў школьных днях здароўя, таму спартыўныя гульні і спаборніцтвы для іх не ў навінку, асабліва калі і педагогі не супраць падтрымаць каманды не словам, а справай. Вучні добра бавілі час і ў школьнай бібліятэцы, дзе ім адкрыўся дзівосны свет кніжнага царства.

Спадзяёмся, што хвароба пойдзе на спад і неўзабаве вучняў настойліва пакліча школа. Урокі, напружванне памяці, самастойныя і кантрольныя работы… Для таго, каб зэканоміць час, філолагі загадзя рэкамендуюць вучням спіс твораў мастацкай літаратуры. Як правіла, прапаноўваюцца вялікія па аб’ёме ці складаныя для першаснага ўспрымання тэксты, якія патрабуюць асэнсавання, заклікаюць да больш дэталёвага і падрабязнага разбору твора, часам да перачытвання асобных раздзелаў, разважанняў з сябрамі ці бацькамі.